Цымбалы – струнны ўдарны музычны інструмент, які мае драўляны трапецападобны корпус з нацягнутымі ўздоўж струнамі.
У беларускіх літаратурных крыніцах пра цымбалы ўпершыню згадваецца ў XVI ст.
Для вырабу корпуса і падставак выкарыстоўваюць елку, граб. Палачкі вырабляюць з вішні, клёну. Граюць на цымбалах, удараючы палачкамі па адкрытых струнах, трымаючы інструмент на каленях або падвешваючы за рамяні на шыю.
Лічылася, што ў цымбалаў дзве душы – мужчынская і жаночая, па адной пад кожным конікам (басовым і галасавым адпаведна).
У народнай практыцы цымбалы – гэта пераважна ансамблевы інструмент, які спалучаецца са скрыпкай, гармонікам, кларнетам і бубнам у розных канфігурацыях.
У Беларусі існуюць два віды цымбалаў: традыцыйныя (народныя) і канцэртна-акадэмічныя. Яны адрозніваюцца канструкцыяй, памерамі, строем, спосабам ігры і трыманнем.
На думку навукоўцаў, віды цымбалаў існуюць ужо амаль тры тысячы гадоў. Гэты інструмент быў распаўсюджаны паўсюль — у Кітаі, Паўднёва-Усходняй і Сярэдняй Азіі, на Блізкім Усходзе. Гэта пацвярджаюць і старажытныя малюнкі, якія захаваліся да нашых дзён. У прыватнасці, на Асірыйскім каменным барэльефе ў Куюнджыку высечаны музыка, які грае на гуслепадобным інструменце, падобным цымбалам, начапіўшы іх на працяглым рамяні на шыю і б'ючы палачкамі па струнах. Жывым сведчаннем далёкага мінулага цымбалаў з'яўляецца старажытны арабскі прабацька інструмента — сантыр, які захаваўся ў Егіпце.
У Беларусі гэты інструмент з’явіўся прыкладна ў XVI стагоддзі, калі беларусы, асабліва магнацкая моладзь, сталі часцей бываць у заходніх краінах і, вяртаючыся, прывозілі з сабой новыя прадметы і ідэі.
Цымбалы згадваюцца ў “Малой падарожнай кніжыцы” Францыска Скарыны. І ўжо ў тыя часы — каля 1522 года — цымбалы гучалі як на народных гуляннях, так і пры дварах беларускіх шляхцічаў і магнатаў.
Цымбалы часта выкарыстоўваліся і пры каталіцкіх царквах. Напрыклад, вядома, што ў 1605 годзе яны былі адным з ансамблевых інструментаў езуіцкай капэлы. А ансамбль з цымбалаў, скрыпкі і бубна доўгі час быў адным з самых распаўсюджаных у Беларусі.




