
Беларуская дуда́ —народныя назвы перагудніца, сопль, дудуха, дудынька, дудулька, дудуська, дудуленька, дудусенька, весялуха, ігруння, гудуха – беларускі традыцыйны архаічны духавы музычны інструмэнт, які быў шырока распаўсюджаны па тэрыторыі Беларусі са старажытнасці да 19 – пачатку 20 стагоддзя.
У траўні 2023 года беларуская дуда прызнана аб’ектам гісторыка-культурнай спадчыны і ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Дуда як музычны інструмент быў адзін з найбольш папулярных на тэрыторыі Еўразіі і Паўночнай Афрыкі. Дуда вядомая ў Індыі, Іране, сярод арабскіх народаў у паўднёва-заходняй Азіі, у Тунісе, па ўсёй Еўропе, сярод каўказскіх народаў і на Паволжы (у фінскамоўных народаў мары, мардва, чувашы).
У пісаных крыніцах упершыню з дакладнасцю гэты інструмент згадваецца ў І ст. н.э. у рымскага гісторыка Светонія. Рымляне або арабы пазней прынеслі гэты інструмент у Паўночную Афрыку. У раннім Сярэднявеччы дуда пашырылася па Паўднёвай, Заходняй і Сярэдняй Еўропе, а пазней дайшла і да поўначы і ўсходу Еўропы.
Больш за ўсё інфармацыі і матэрыялаў захавалася пра аднагукавую канструкцыю дуды (знакамітую лепельскую дуду можна пабачыць у лепельскім музеі) і канструкцыю дуды-мацянкі, з трыма бурдонамі. Дудары сустракаюцца ў шматлікіх народных паданьнях, творах беларускіх аўтараў 19 і 20 стагодздзяў, такіх як Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Адам Міцкевіч, Браніслаў Тарашкевіч і інш.
Да канца 19 ст. дуда была адным з асноўных інструмэнтаў народнага музычнага побыту беларусаў.
Дуда мела найвышэйшы сакральны статус як рэч, зробленая з ахвярнай жывёлы.
Дуда выкарыстоўвалася ў абрадах, звязаных з асноўнымі момантамі жыцьця чалавека. Абавязковым была прысутнасць дудара на хрэсьбінах (рытуальнае нараджэньне), на вяселлі (рытуальнае пераўвасабленьне ў статус дарослага, сталага чалавека) і, магчыма, на пахаванні (рытуале пераходу чалавека ў іншы свет). Пра сакральны статус інструмэнта сведчаць касмаганічныя дударскія тэксты, у якіх у пэўных сымбалях апісваецца пабудова сьвету, як яе разумелі нашы прашчуры. І дуда, і дудар там прысутнічаюць і займаюць істотнае месца. Гэта ўнікальная зьява ў Еўропе, бо ні ў воднай традыцыі дуда так не міталягізаваная, як у Беларусі.




